| ЗОРКА ВЕНЕРА Зорка Венера ўзышла над зямлёю, Сьветлыя згадкi з сабой прынясла... Помнiш, калi я спаткаўся з табою, Зорка Венера ўзышла. З гэтай пары я пачаў углядацца Ў неба начное i зорку шукаў. Цiхiм каханьнем к табе разгарацца З гэтай пары я пачаў. Але расстацца нам час наступае, Пэўна, ўжо доля такая у нас. Моцна кахаў я цябе, дарагая, Але расстацца нам час. Буду ў далёкiм краю я нудзiцца, У сэрцы любоў затулiўшы сваю. Кожную ночку на зорку дзiвiцца Буду ў далёкiм краю. Глянь iншы раз на яе: у расстаньнi Там з ёй зьлiём мы пагляды свае. Каб хоць на мiг уваскрэсла каханьне, Глянь iншы раз на яе. -------------------------------------------------------------------------------- ПАГОНЯ Толькi ў сэрцы трывожным пачую За краiну радзiмую жах, Успомню Вострую Браму сьвятую I ваякаў на грозных канях. У белай пене праносяцца конi, Рвуцца, мкнуцца i цяжка хрыпяць. Старадаўняй Лiтоўскай Пагонi Не разьбiць, не спынiць, не стрымаць. У бязьмежную даль вы ляцiце, А за вамi, прад вамi - гады. Вы за кiм у пагоню сьпяшыце, Дзе шляхi вашы йдуць i куды? Мо яны, Беларусь, панясьлiся За тваiмi дзяцьмi уздагон, Што забылi цябе, адраклiся, Прадалi i аддалi ў палон? Бiце ў сэрцы iх, бiце мячамi, Не давайце чужынцамi быць! Хай пачуюць, як сэрца начамi Аб радзiмай старонцы балiць... Мацi родная, мацi-краiна! Не усьцiшыцца гэтакi боль. Ты прабач, ты прымi свайго сына, За цябе яму ўмерцi дазволь! Усё лятуць i лятуць тыя конi, Срэбнай збруяй далёка грымяць, Старадаўняй Лiтоўскай Пагонi Не разьбiць, не спынiць, не стрымаць!
|